СМІ́ЛАВІЦКІ КЛЯ́ШТАР МІСІЯНЕ́РАЎ.
Існаваў у 1747—1832 у мяст. Смілавічы. Засн. Марцыбелай Завішанскай з Агінскіх. Яна размясціла ксяндзоў-місіянераў пры драўляным касцёле і завяшчала грошы на мураваныя будынкі. У 1774 на ўскрайку мястэчка пры гасцінцы Мінск—Ігумен пабудаваны 2-павярховы мураваны корпус місійнага дома (кляштара). У 1785 асвячоны біскупам трохнефавы з 2-вежавым фасадам касцёл св. Тройцы, які з’яўляўся і парафіяльным. У сярэдзіне храма было 6 ілюзіяністычных алтароў з абразамі і скульптурамі. У 1832 кляштар закрыты, касцёл заставаўся парафіяльным да 1865; пазней ён перабудаваны пад царкву. Будынкі разбураны ў 1930-я г.
А.А.Ярашэвіч.
т. 15, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)